Суббота, 15 января 2022

Транспартны падатак. Падрыхтавалі для вас адказы на 10 актуальных пытанняў

734

Як расказвае інжынер па допуску ТС УП «Белтэхагляд» І.В.Патапчук, сёння работнікам станцыі можна хаця б «перавесці дух», а вось у першыя два студзеньскія тыдні за змену праверку праходзіла да 50 аўтамабіляў. Увогуле на 15 студзеня дазвол на ўдзел у дарожным руху быў выдадзены 790 аўтаўладальнікам. Гэты паказчык амаль удвая перавышае такі ж мінулагодні. Вялікі наплыў жадаючых прайсці тэхагляд прывёў да таго, што скончыліся бланкі дазволаў. Але хутка сітуацыя выправілася: выдаюцца электронныя варыянты неабходных дакументаў.


Як зазначае Ігар Вітальевіч, сярод тых, хто прыехаў на тэхагляд, было нямала і такіх, хто па некалькі гадоў ездзіў без афіцыйнага допуску.

А што думаюць з гэтай нагоды тыя, хто рыхтуецца прайсці тэхагляд?

Антон:
— Сапраўды, мне было «эканомней» раз-другі заплаціць штраф за адсутнасць тэхагляду, чым выплачваць дарожны збор. Цяпер жа сэнсу няма адмаўляцца ад тэхнічнай праверкі, бо плаціць падатак усё роўна давядзецца.

Ігар:
— Лічу, што адвязка падатку ад тэхагляду была зроблена правільна. Хаця да канца працэс непралічаны: адзін будзе ездзіць кожны дзень, а іншы двойчы на год з’ездзіць «у грыбы», а плаціць абодвум трэба аднолькава.

Увядзенне транспартнага падатку пакуль выклікае нямала арганізацыйных пытанняў. Давайце дакладна іх разгледзім.

  1. Хто будзе падатак плаціць?
    Гэта абавязак усіх аўтаўладальнікаў, незалежна ад удзелу ў дарожным руху. І за кожны аўтамабіль асобна, бо з‘явілася навінка — своеасаблівы маёмасны падатак, які плаціцца па факце валодання, незалежна ад таго, выкарыстоўваецца гэта маёмасць або не.
    Заплаціць падатак давядзецца і ўладальнікам «аўтахламу», калі машына знаходзіцца на ўліку ў ДАІ, то на яе налічаць падатак.
    Пры перадачы транспартнага сродку ў фінансавую арэнду (лізінг) плацельшчыкам прызнаецца лізінгаатрымальнік.
  2. Колькі трэба плаціць?
    Памер транспартнага падатку для фізічных асоб будзе залежаць ад вагі і ўзросту машыны:
    — за аўтамабіль вагой да 1,5 тоны стаўка падатку — 61 рубель;
    — больш за 1,5 тоны, але не больш за 1,75 тоны — 81 рубель;
    — больш за 1,75 тоны, але не больш за 2 тоны — 102 рублі;
    — больш за 2 тоны, але не больш за 2,25 тоны — 122 рублі;
    — больш за 2,25 тоны, але не больш за 2,5 тоны — 142 рублі;
    — больш за 2,5 тоны, але не больш за 3 тоны — 162 рублі;
    — больш за 3 тоны — 223 рублі;
    — матацыкл — 40 рублёў.
  3. Што з узростам машыны?
    Нарматыўным актам дакладна вызначана, што за аўтамабілі, выпушчаныя да 1991 года ўключна, плаціць дарожны падатак не трэба. Тычыцца гэта выключэнне і машын, звесткі аб годзе выпуску якіх адсутнічаюць. Акрамя таго, ад плацяжу вызвалены ўладальнікі электрамабіляў (да 31 снежня 2025 года) і тых машын, якія пераабсталяваны для выкарыстання інвалідамі.
  4. Ці ёсць ільготы?
    У льготную катэгорыю ўключаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і інваліды 1 і 2 груп: ім даецца скідка ў 50%, такая ж скідка дзейнічае і для пенсіянераў. Для інвалідаў 3 групы стаўка падатку зніжана на 25%.
    Акрамя гэтага, паколькі транспартны падатак плаціцца па аналогіі з усімі іншымі падаткамі, то грамадзяне могуць звяртацца ў мясцовыя органы ўлады з просьбай знізіць падатак або вызваліць ад яго выплаты тых, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
  5. Значыць, можна перааформіць аўто на льготніка?
    Заканадаўцы прадугледзелі гэты момант, так што наяўнасці самой ільготы недастаткова: ільготніку неабходна таксама мець дзеючае вадзіцельскае пасведчанне.
  6. Як і калі плаціць падатак?
    Плаціць транспартны падатак трэба будзе адзін раз у год. Усім уладальнікам транспартных сродкаў будуць рассылаць паведамленні з падатковай інспекцыі. Мяркуецца, што лісты аўтаўладальнікі атрымаюць да 15 лістапада, а разлічыцца трэба будзе да 15 снежня.
    Вось толькі бягучы год будзе пераходным. Таму паведамленні дашлюць не пазней за 1 лістапада 2021 года, выплаціць падатак трэба будзе не пазней за 15 снежня. Пры гэтым аплата ва ўсіх будзе аднолькавая — 1 базавая велічыня (29 рублёў), а ўжо ў 2022 годзе трэба будзе даплаціць вызначаную суму.
    Дарэчы, тым, хто здыме аўто з уліку да 1 ліпеня 2021 года, плаціць падатак не давядзецца.
  7. А калі паспеў выплаціць дарожны збор у снежні?
    Новы прынцып падаткаабкладання аўтааматараў не мае адваротнага дзеяння. Таму тыя, хто ўжо ўнёс грошы па раней дзеючых стаўках, ад выплаты вызваляюцца на ўвесь перыяд дзеяння дазволу на ўдзел у дарожным руху. Напрыклад, калі выплацілі падатак пры праходжанні тэхагляду з допускам да 1 красавіка 2021 года, то за гэтыя месяцы падатак налічваць не будуць. Гэта значыць, што аплачваць давядзецца не за год, а за наступныя пасля красавіка месяцы.
  8. Хто і як будзе кантраляваць выплату?
    Паколькі гаворка ідзе менавіта аб падатку, то і кантраляваць выплату будуць падатковыя органы. Тут схема простая: калі ёсць аўтамабіль, то будзе налічаны падатак, пры нявыплаце налічваецца пеня. У злосных неплацельшчыкаў на машыну могуць накладваць арышт. ДАІ гэтымі пытаннямі займацца не будзе.
  9. Калі ў студзені купіў аўто?
    Калі купілі аўтамабіль, то транспартны падатак будзе налічвацца з першага дня месяца, наступнага пасля даты рэгістрацыі машыны. Гэта значыць, што за набытую і пастаўленую на ўлік у студзені машыну плаціць неабходна з 1 лютага.
  10. Калі прадаў машыну без пераафармлення дакументаў?
    То плаціць падатак будзе не фактычны ўладальнік аўто, а ўстаноўлены юрыдычна. Значыць, трэба неадкладна шукаць пакупніка і вырашаць дакументальныя пытанні.
    Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.