Яны ведаюць пра падаткі ўсё

Днямі прафесійнае свята адзначаюць работнікі падатковых органаў. Падатковая служба нашага раёна прадстаўлена ўпраўленнем па працы з плацельшчыкамі па Бярэзінскім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Барысаўскім раёне.

З добрым настроем сустракаюць прафесійнае свята Наталля Каравая, Аляксандр Шаўроў, Алена Паляшчук, Юлія Суша, Зарына Несцяровіч, Алена Карняенка і Таццяна Дубіна

Штат — восем чалавек. Асноўныя напрамкі дзейнасці — кантроль за своечасовым паступленнем плацяжоў у бю-джэт і забеспячэнне прымусовага спагнання нявыплачаных падаткаў, кантроль за дэклараваннем фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці.

Упраўленнем паспяхова выконваюцца планавыя прызначэнні падатковых паступленняў. Асноўныя паступленні даходаў у бюджэт забяспечваюць арганізацыі, на долю якіх прыпадае больш за 85,9% усіх даходаў, на долю фізічных асоб прыходзіцца 7,2%, індывідуальных прадпрымальнікаў — 6,9%.

Актыўна развіваецца электронны спосаб узаемадзеяння з плацельшчыкамі. Па стане на 1 ліпеня да сістэмы электроннага дэкларавання ў раёне падключана больш за 735 суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці.

Эфектыўнасць работы, вядома, залежыць ад кадравага патэнцыялу калектыву. Ва ўпраўленні працуюць спецыялісты, узровень кваліфікацыі і дзелавыя якасці якіх дазваляюць паспяхова вырашаць задачы па рэалізацыі дзяржаўнай эканамічнай палітыкі ў сферы падаткаабкладання.

— Мы можам па праве ганарыцца такімі спецыялістамі, як галоўныя падатковыя інспектары Аляксандр Шаўроў, Зарына Несцяровіч, Таццяна Дубіна, Алена Паляшчук, вядучыя рэферэнты Алена Карняенка і Юлія Суша, — гаворыць начальнік упраўлення Наталля Каравая. — Дзякуючы працы гэтых людзей падатковая служба Бярэзінскага раёна карыстаецца павагай сярод падаткаплацельшчыкаў, прычым не толькі прадстаўнікоў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, але і сярод грамадзян. Лепшым паказчыкам з’яўляецца адсутнасць абгрунтаваных скаргаў ад падаткаплацельшчыкаў.

Працоўныя дасягненні Зарыны Несцяровіч адзначаны Ганаровай граматай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Барысаўскім раёне. Таццяне Дубіне аб’яўлена Падзяка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Барысаўскім раёне.

Напярэдадні прафесійнага свята хацелася б пажадаць усім работнікам падатковых органаў, іх родным і блізкім шчасця і ўдачы, моцнага здароўя і дабрабыту, невычэрпнага аптымізму, святла ў душы і светлага настрою! Хай вам заўсёды спадарожнічаюць натхненне і любоў, радасць адкрыццяў і творчасці, гармонія ў сем’ях і прафесійныя дасягненні! — пажадала Наталля Каравая.

Паступленні даходаў у кансалідаваны бюджэт па раёне за 2020 год склалі 17,3 млн. рублёў. Выкананне забяспечана на 100,3%. У фарміраванні бюджэту ўдзельнічала 14 964 плацельшчыкі, у тым ліку 319 арганізацый, 592 індывідуальныя прадпрымальнікі і 14 097 фізічных асоб.

Алена Громава.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *